Народная амбасада Беларусі ў Бразыліі

Беларуская дыяспара ў Бразыліі

 Беларуская дыяспара ў Бразыліі разасяроджаная па розных рэгіёнах краіны і да 2020 года не была прадстаўленая традыцыйнымі супольнасьцямі, афіцыйнымі арганізацыямі ці нефармальнымі аб’яднаньнямі. Мігранты зь Беларусі, што прыбылі ў Бразылію ў ХХ стагодзьдзі, не ўтварылі супольнасьцяў і збольшага асыміляваліся зь мясцовым насельніцтвам. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у пэрыяд з 2000 па 2020 год у Бразыліі зарэгістраваныя 265 чалавек з беларускім грамадзянствам (SINCRE/SISMIGRA).

Перадумовы стварэньня Народнай амбасады Беларусі ў Бразыліі

Палітычны й гуманітарны крызіс у Беларусі ў 2020 годзе падштурхнуў беларускую супольнасьць у Бразыліі, як і ва ўсім сьвеце, да згуртаваньня й салідарызацыі.

9 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшлі прэзыдэнцкія выбары, адзначаныя шырокімі й грунтоўна задакумэнтаванымі фальсыфікацыямі, а таксама жорсткімі рэпрэсіямі супраць удзельнікаў штодзённых пратэстаў, якія працягваюцца ад дня выбараў да сёньня.

Ад жніўня 2020 года беларуская супольнасьць у Бразыліі аб’яднала высілкі ў інфармаваньні мясцовых мэдыяў пра сытуацыю ў Беларусі, а таксама ў арганізацыі разнастайных культурных праектаў ды палітычных акцый.

Дыпляматычныя стасункі паміж Беларусьсю ды Бразыліяй

Дыпляматычныя стасункі паміж Фэдэратыўнай Рэспублікай Бразыліяй і Рэспублікай Беларусьсю ўсталяваныя ад 10-га лютага 1992 года. У 2001 годзе было адчыненае консульства ў Рыю-дэ-Жанэйру, якое працавала да 2013 года.

У 2010 годзе была ўтвораная, а ў чэрвені 2011 года адчыненая Амбасада Рэспублікі Беларусь у горадзе Бразыліі. Прыярытэтны накірунак працы амбасады – усталяваньне эканамічных сувязей паміж краінамі.

Амбасада Фэдэратыўнай Рэспублікі Бразыліі ў Менску адчыненая ў 2011 годзе, а консульскі аддзел пры ёй – у чэрвені 2019 года.

Амбасада Рэспублікі Беларусі ў Бразыліі не адчыніла ніводнага выбарчага ўчастка на ніводных выбарах, уключна з прэзыдэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020 года, пазбавіўшы такім чынам дыяспару Беларусі ў Бразыліі права на галасаваньне. Амбасада таксама не публікавала навіны, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020 года й іх наступствамі на сваім сайце і ў сацыяльных сетках, а таксама адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю бразыльскім журналістам. У той жа час адзін з ганаровых консулаў Рыгор Гольдшлэгер у інтэрвію буйному бразыльскаму выданьню Folha de São Paulo ў верасьні 2020 года выказаў падтрымку дыктатару ды рэпрэсіям, што адбываюцца ў Беларусі.

Афіцыйная пазыцыя Бразыліі ў дачыненьні да сытуацыі ў Беларусі ў 2020 годзе

Паводле публікацыі Міністэрства замежных спраў Бразыліі ад 20-га жніўня 2020 года, урад Бразыліі выказаў заклапочанасьць у сувязі з наступствамі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе, у прыватнасьці, зь сьведчаньнямі гвалтоўнага падаўленьня мірных пратэстаў. Бразылія заклікала палітычныя сілы Беларусі да адкрытага дыялёгу і мірнага вырашэньня канфлікту з павагай да базавых правоў і прынцыпу народнага сувэрэнітэта.

Гэтае паведамленьне было распаўсюджанае таксама Амбасадай Фэдэратыўнай Рэспублікі Бразыліі ў Менску, але праігнараванае Амбасадай Рэспублікі Беларусь у Бразыліі.

Беларуска-бразыльскія сувязі

Пачынаючы з 2014 года ў Менску праводзіцца фэстываль вулічнага мастацтва “Vulica Brasil”, у межах якога мастакі зь Беларусі і Бразыліі ствараюць муралы ў беларускай сталіцы, а таксама праводзяцца карнавальныя шэсьці і роды капаэйры. Тэатральныя групы з Бразыліі ўдзельнічаюць у штогадовым фэстывалі “Тэатральны куфар” у Менску.

Бразыльскія футбалісты й футбольныя трэнеры часта абіраюць Беларусь для пабудовы кар’еры. Пачынаючы з 2000 года, 35 бразыльскіх гульцоў удзельнічалі ў чэмпіянаце Беларусі па футболе.

Беларуская супольнасьць у Бразыліі арганізуе лекцыі па беларускай мове, культуры і мастацтве, удзельнічае ў культурных мерапрыемствах, арганізаваных беларускімі суполкамі ў іншых краінах, такіх як Канада й Партугалія, а таксама арганізуе мастацкія інтэрвэнцыі й дэманстрацыі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Кантакты:

Email: [email protected]

Facebook: Embaixada Popular de Belarus no Brasil  

Twitter: @BelarusInBrazil

Instagram: @BelarusInBrazil

Telegram (па-беларуску): t.me/belarusbrasil 

Telegram (па-партугальску): t.me/belarusbrasileira