10 сьнежня адбыўся запуск ініцыятывы “Народныя амбасады Беларусі”.

Народныя амбасады – гэта ініцыятыва, якую рэалізуе супольнасьць беларускіх дыяспар “Беларусы Замежжа” пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня. Яна накіраваная на стварэньне прадстаўніцтваў дэмакратычнай Беларусі за мяжой ва ўмовах страты легітымнасьці цяперашняй уладай у краіне й за яе межамі. Ва ўрачыстым адкрыцьці амбасадаў возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская ды прадстаўнікі Прэзыдыюма Каардынацыйнай рады; яны ўдзячныя беларусам замежжа за іх актыўную пазыцыю і гатовыя падтрымліваць праект.

Ідэя стварэньня Народных амбасадаў паўстала пасьля таго, як выбары ў Беларусі былі прызнаныя нелегітымнымі народам краіны й міжнароднай грамадзкасьцю, а МЗС і амбасады, якія падтрымліваюць незаконную ўладу, страцілі права прадстаўляць інтарэсы беларусаў за мяжой.

«Вельмі сымбалічна, што менавіта сёньня, у Сусьветны дзень абароны правоў чалавека, ва ўсім сьвеце адчыняюцца Народныя амбасады.

Беларусы замежжа выконваюць вельмі важную ролю ў стварэньні будучыні дэмакратычнай Беларусі. Сёньня нам, як ніколі, важна быць разам.

Дарагія беларусы замежжа, калі ласка, не спыняйцеся, працягвайце інфармаваць жыхароў вашых краінаў пра сытуацыю ў Беларусі. Беларусь не павінна сыходзіць з сусьветнага парадку дня. Я заклікаю вас распавядаць ня толькі пра жорсткасьць рэжыму, пра катаваньні ды пра палітвязьняў, але й пра ўнікальны беларускі характар. Змагаючыся з уладай, якая выступае супраць правоў чалавека, мы дэманструем усяму сьвету важнасьць чалавечай і грамадзянскай паставы.

Дзякуй кожнаму з вас за вашу працу. Толькі разам мы зможам адолець беззаконьне і як найхутчэй наблізіць Беларусь да волі. Жыве Беларусь!» – падтрымала беларусаў замежжа нацыянальная лідарка Сьвятлана Ціханоўская.

Стварэньне Народных амбасадаў абмяркоўвалася на Сусьветным кангрэсе беларусаў, які адбыўся 30 кастрычніка – 1 лістапада 2020 года, і замацавана ў яго рэзалюцыі. Рашэньне аб стварэньні прыняла беларуская дыяспара. Народныя амбасады возьмуць на сябе функцыі афіцыйных: інфармаваньне пра сытуацыю ў краіне, дапамогу суграмадзянам, абарону інтарэсаў Беларусі ў міжнародных арганізацыях і палітычных установах.

Ініцыятыву стварэньня такіх прадстаўніцтваў дэмакратычнай Беларусі за мяжой падтрымалі Сьвятлана Ціханоўская,  Каардынацыйная рада й Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне.

«Важна адзначыць, што ініцыятыва стварэньня альтэрнатыўных беларускіх прадстаўніцтваў за мяжой належыць удзельнікам Сусьветнага кангрэсу беларусаў, які праходзіў 31 кастрычніка – 1 лістапада гэтага года. У працы гэтага форуму ўзялі ўдзел каля 150 тысячаў грамадзян і эмігрантаў зь Беларусі, якія пражываюць у больш як 50 краінах сьвету. Характэрна, што цырымонія адкрыцьця Народных амбасадаў праходзіць 10 сьнежня, у 72-я ўгодкі прыняцьця Генэральнай асамблеяю ААН Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, якая стала краевугольным каменем сучаснай праваабарончай сыстэмы. Мы перакананыя, што адкрыцьцё народных амбасадаў – гэта толькі першы крок на шляху да пабудовы прынцыпова новых стасункаў паміж дэмакратычнай Беларусьсю й яе суседзямі ды іншымі замежнымі партнэрамі», – адзначыў сябра прэзыдыюма Каардынацыйнай рады Павел Латушка.

Кантакт для прэсы:

[email protected]