Ад 2021 года 7 ліпеня абвешчана Міжнародным днём беларускай культуры. У гэты дзень многія беларусы сьвяткуюць Купальле. У гэты дзень нарадзіліся славуты беларускі паэт Янка Купала й сусьветна вядомы мастак Марк Шагал. Аднаго дня мала, каб хоць трохі асьвятліць беларускую культуру, таму быў абвешчаны Міжнародны Тыдзень Беларускай Культуры, які адбыўся сёлета з 5 па 11 ліпеня і ў якім беларуская дыяспара Бразыліі, а таксама бразыльцы, якія спачуваюць беларускаму народу, узялі актыўны ўдзел.
У Бразыліі тыдзень распачаўся жывым эфірам “Што ты ведаеш пра беларускую культуру?” з гутаркай з прадстаўніцамі Народнай амбасады Беларусі ў Бразыліі й бразыльскіх дасьледчыкаў Беларусі, на YouTube канале Filtro de Barro.
Музыка
Адна з найяскравейшых падзей тыдня – прэзэнтацыя бразыльскай версыі “Купалінкі”, якую запісалі пад кіраўніцтвам Крыс Мігел (Cris Miguel) і Данілу Томіча (Danilo Tomic) вакальны ансамбль Casa Passarinho і вакальна-пэркусыйны ансамбль Grupo Bhramari, а таксама запрошаны музыка Рубэм Роша (Rubem Rocha, блок-флейта).
Камэнтуючы прысьвячэньне, Крыс Мігел распавяла бразыльскую прыпавесьць пра птушку калібры і пажар:
“У лесе быў пажар. І калібры ляцела да ручаіны, набірала ў дзюбку дзьве кропелькі, і хуценька ляцела да лесу, каб выліць тыя кропелькі ў агонь. Яе спыталі: Што ты робіш? Ты ніколі не патушыш пажар дзьвюма кропелькамі? Калібры адказала: Але ж я раблю тое, што магу, раблю свой унёсак”.
Крыс Мігел дадае: “Так і мы робім свой унёсак, дасылаючы з гэтай бразыльскай Купалінкай шчырыя абдымкі й промні падтрымкі ўсяму беларускаму народу”.
Яшчэ адзін кранальны музычны падарунак – бразыльскі кавэр на “Rising Arrows”, бадай, найвядомейшую кампазыцыю легендарнага беларускага мэтал-гурта Gods Tower, запісаны музыкамі Рабэрту Індзіў (Roberto Índio, вакал) і Ікару Артурам (Ícaro Artur, бас) з гурта Inner Call адмыслова да Тыдня Беларускай Культуры 2021.
Відэа прысьвячаецца незьлічонай колькасьці людзей, якія змагаюцца за свабоду ва ўсім сьвеце, і ў прыватнасьці вакалісту гурта Gods Tower Уладзіславу Наважылаву (Lesley Knife), несправядліва асуджанаму за крытыку чыноўніка на тры гады прымусовай працы ў калёніі.
Прэзэнтацыя кавэру адбылася ў нядзелю, 11 ліпеня, падчас гутаркі ў жывым эфіры Instagram зь франтмэнамі гуртоў – Уладзіславам Наважылавым (Lesley Knife) і Рабэрту Індзіў (Roberto Índio). Музыкі абмеркавалі сучасны стан мэтал-сцэны ў Бразыліі й у Беларусі й адказалі на пытаньні слухачоў.
Паэзія
Бразыльскі пісьменьнік Луіз Лэал (Luiz Leal) прысьвяціў беларускаму народу акраверш на ангельскай мове:
Да дня нараджэньня выбітнага беларускага паэта Янкі Купалы людзі па ўсім сьвеце, уключна з Бразыліяй, чыталі ягоны верш “А хто там ідзе?”, перакладзены на больш за сто моў сьвету, у тым ліку на партугальскую.

Пераклад на партугальскую мову: Вольга Ермалаева Франко і Прысцыла Насімэнту Маркес
Варта адзначыць, што беларуска-бразыльская супольнасьць распачала гэты флэшмоб яшчэ летась, зладзіўшы калектыўнае чытаньне верша па-беларуску і па-партугальску.
Сёлета Бразылія была прадстаўленая ў акцыі ў праекце беларускай дыяспары “Вершалюцыя” з шматмоўным запісам, а таксама верш па-партугальску прачыталі перакладчыца і дасьледчыца расейскай літаратуры Андрэа Зэпіні (Andrea Zeppini) і архітэктар і паліглёт Цьягу Насімэнту (Thiago Nascimento).
Таксама да Тыдня беларускай культуры быў зроблены і прачытаны пераклад на партугальскую мову яшчэ аднаго верша Янкі Купалы “Хто ты гэткі?” (1908). Чытаюць Вольга і Патэрсан Франко:
Выяўленчае мастацтва
Бразыльскія мастакі, некаторыя зь якіх былі ў Беларусі й бралі ўдзел у фэстывалі “Vulica Brasil“, таксама прысьвяцілі свае працы нашаму народу. У Бэлу-Арызонці (Belo Horizonte), горадзе-пабраціме Менску, зьявіўся мурал “Свабода”, аўтарства бразыльскага мастака Hyper (@hyperaton):
А гэта прысьвячэньне беларускаму народу мастака з Сан-Паўлу Tinho (@tinho23sp) “Вось я тут” (“Eis-me aqui”), алей, холст, 50 x 40 см, 2021:
А вось працы мастака Speto (@speto), прысьвечаныя Беларусі:
У чароўную купальскую ноч бразыльская мастачка Марцінья Бёкер-Торрэс (Marthinha Böker-Tôrres) знайшла ў джунглях вось такую папараць-кветку й дорыць яе беларускаму народу з зычэньнем свабоды, шчасьця й цудаў:
Спадарыня Марцінья, да таго ж, кандыдатка навук у галіне батанікі (UFBA, 2014), таму цяпер мы можам з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што існаваньне папараць-кветкі, у якое беларусы вераць шмат стагоддзяў, навукова даказанае 😉 .
Бразыльская лінгвістка, што вывучае беларускую мову, Андрэа Жыглію Рока (Andrea Giglio Roca) прысьвяціла беларусам выцінанага анёлка і такія пяшчотныя словы:
Бразыльская суполка мастакоў Urban Sketchers Brasil зладзіла адмысловую сустрэчу, прысьвечаную Беларусі. Творцы даведаліся пра пра асноўныя аспэкты беларускай культуры й архітэктуры, а таксама зладзілі віртуальны пленэр, замаляваўшы куткі, што найбольш упадабалі ў Беларусі.