Пра Беларусь

Маючы больш за тысячагодзьдзе толькі дакумэнтаванай гісторыі, краіна паўстала пад назвай Рэспубліка Беларусь як незалежная эўрапейская дзяржава ў 1991 г. пасьля распаду Савецкага Саюза.

У гэтым відэа тлумачым усё пра назву краіны ў партугальскай мове.

Ад першых прэзыдэнцкіх выбараў у 1994 г. краінай кіраваў Аляксандр Лукашэнка, які неўзабаве зацьвярдзіўся як дыктатар, які праводзіць палітыку зьбліжэньня з Расеяй і зьмяняе Канстытуцыю краіны, надаўшы расейскай мове статус дзяржаўнай (да 1995 г. толькі беларуская мова была дзяржаўнай), і зьмяніўшы нацыянальныя сымбалі – герб і сьцяг – на падобныя да савецкіх, у дадатак да закрыцьця беларускамоўных школ і перасьледу носьбітаў беларускай мовы.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 года беларускі народ абраў Сьвятлану Ціханоўскую, аднак дыктатар адмовіўся аддаць уладу, выслаў абраную прэзыдэнтку з краіны і гвалтоўна падаўляе мірныя пратэсты, сымбалямі якіх зьяўляюцца нацыянальны й гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”, фактычна забароненыя дыктатарам.

Пратэсты супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў.

Гісторыя герба “Пагоня” з выявай узброенага вершніка, налічвае больш за сем вякоў і ўзыходзіць да часоў Вялікага Княства Літоўскага, сярэднявечнай беларускай дзяржавы, якая мела мовай афіцыйнай дакументацыі старабеларускую. Сьцяг быў распрацаваны на аснове колераў гэтага гістарычнага герба для Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай ў 1918 годзе, урад якой сёньня з’яўляецца найстарэйшым урадам у выгнаньні ў сьвеце. Гэтыя самыя сымбалі былі прынятыя Рэспублікай Беларуссю ў 1991 г. і цяпер прызнаюцца дэмакратычным грамадствам нацыянальнымі сымбалямі краіны.

Беларускі герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг.

Пісьмовая гісторыя Беларусі налічвае больш за тысячу гадоў, пачынаючы зь першых летапісных згадак пра горад Полацак у 862 г., ужо тады – сталіцу магутнага княства, якое супернічала за ўладу ў рэгіёне з Кіевам.

Беларускія княствы й далейшыя саюзы зь іншымі дзяржавамі стварылі адны з найбуйнейшых на той час ваенна-палітычных зьвязаў, якія бачыла Эўропа – Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую – для абароны ад пагрозы з Усходу, ад Маскоўскага княства, і Захаду, ад Тэўтонскага ордэну. Аднак пасля шматлікіх войнаў і ўнутраных канфліктаў у канцы XVIII стагодзьдзя беларускія землі былі акупаваныя й анэксаваны Расійскай імперыяй, якая распачала працэс русіфікацыі, узмоцнены ў савецкі час і падтрыманы цяперашняй дыктатурай. Аднак беларускі народ заўсёды змагаўся за сваю свабоду і за ўсеагульнае права захоўваць сваю ідэнтычнасьць, мову і культуру, выжыў і сёньня моцны ў сваім змаганьні як ніколі раней.

Геаграфія і насельніцтва

Разьмяшчэньне Беларусі на мапе Эўропы. Мапа Беларусі.

Рэспубліка Беларусь знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Эўропы і з тэрыторыяй 207 595 км² уваходзіць у лік
15 найбуйнейшых эўрапейскіх краін. Да таго ж, гэта найвялікшая краіна Эўропы, што ня мае выхаду да мора.
Беларусь мяжуе з Летувой, Польшчай, Украінай, Расеяй і Латвіяй.

Насельніцтва Беларусі складае 9,5 мільёнаў чалавек, зь якіх каля 2 мільёнаў пражываюць у сталіцы, Менску, што знаходзіцца ў цэнтры краіны.

Гістарычны цэнтр Менску: Траецкае прадмесьце й Верхні горад.

Мяркуецца, што беларуская дыяспара складаецца з каля 1,5 мільёна чалавек.

У Беларусі няма афіцыйнай рэлігіі й існуе мноства суполак розных канфэсій, такіх як хрысціянства (каталіцтва, праваслаўе, уніяцтва, пратэстантызм), іслам і юдаізм.

Эканоміка

У Беларусі 64-ы па велічыні ВУП на душу насельніцтва ў сьвеце.

Асноўныя галіны прамысловасьці: машынабудаваньне, цяжкая прамысловасьць, нафтаперапрацоўка, хімічная прамысловасьць, вытворчасьць угнаеньняў, сельская гаспадарка, ІТ, вытворчасць прыбораў і інш.

Нацыянальная валюта: рубель (BYN).

Курс валюты (26.07.2021): 1 BYN ≈ 2 BRL

Мінімальны заробак складае 375 рублёў, сярэдні – 1118 рублёў.
Сярэдняя пэнсія ў лютым 2020 года складала 432 рублі.

Сацыяльнае разьвіцьцё

Працягласьць жыцьця пры нараджэньні – 74,6 гады (2018).

Індэкс чалавечага развіцця (ІРЧП) – 0,817 (2018).

Сярэдні ўзрост насельніцтва складае 40,7 года (2020).

Гарадзкое насельніцтва складае 77,54% ад агульнай колькасьці (2020).

22% насельніцтва маюць вышэйшую і / або пасьлядыпломную адукацыю (2020).

Узровень пісьменнасьці дарослых – 99,8% (2015).

Дзіцячая смяротнасьць – 2,4 на 1000 жыванароджаных (2019).

Палітычны лад

Урад:

дэ-юрэ: дэмакратычная прававая дзяржава.
дэ-факта: унітарная аўтарытарная дзяржава з неабмежаванымі паўнамоцтвамі кіраўніка дзяржавы.

Канстытуцыя:

дэ-юрэ: асноўны закон дзяржавы.
дэ-факта: любы пункт канстытуцыі можа быць адменены альбо зьменены ўказам кіраўніка дзяржавы, які мае сілу закона.

Выканаўчая ўлада:

кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў прызначае кіраўнік дзяржавы, мясцовыя жыхары ня могуць уплываць на гэтыя прызначэньні.

Заканадаўства:

дэ-юрэ: найвышэйшы заканадаўчы інстытут – Нацыянальны сход, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (110 прадстаўнікоў шляхам усеагульнага галасаваньня) і Савета Рэспублікі (64 чалавекі – абіраюцца мясцовымі саветамі і прызначаюцца прэзідэнтам).
дэ-факта: кіраўнік дзяржавы мае неабмежаваныя паўнамоцтвы.

Судовая ўлада:

дэ-юрэ: выконваецца Вярхоўным судом, Вышэйшым гаспадарчым судом і Канстытуцыйным судом.
дэ-факта: кіраўнік дзяржавы мае неабмежаваныя паўнамоцтвы.

Правы чалавека

Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе і на постсавецкай прасторы, якая штогод прымяняе сьмяротнае пакараньне да сваіх грамадзян.

Парушэньні права на мірныя сходы працягваюцца: з жніўня 2020 года мірныя акцыі пратэсту не спыняюцца, нягледзячы на ​​гвалт з боку міліцыі.

Парушаюцца правы на асабістую недатыкальнасьць, свабоду ад катаваньняў і жорсткага, бесчалавечнага і зьневажальнага абыходжаньня.

Незалежныя СМІ й журналісты знаходзяцца пад вялікім ціскам і церпяць перасьлед.
Свабода слова і выказваньня меркаваньняў моцна абмежаваная.

Прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасьці сутыкаюцца з негатыўнымі стэрэатыпамі й перадузятым стаўленьнем на самым высокім узроўні, у тым ліку асабіста дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.

У 2017 годзе ўлады ўвялі падатак на беспрацоўе, які выклікаў моцнае абурэньне ў грамадзтве.

Турызм

Ад 2016 года дзейнічае бязьвізавы рэжым для турызму, бізнэсу й транзіту грамадзянаў Бразыліі, якія жадаюць наведаць Беларусь і наадварот.

У Беларусі ёсць чатыры аб’екты, занесеныя ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА:

Нацыянальны парк “Белавежская пушча” – адзін з найстарэйшых лясоў Еўропы, які ахоўваецца з XIV стагоддзя. Тут знаходзіцца рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза і дом найвялікшага з млекакормячых у Эўропе – эўрапейскага зубра.

Зубр і зубраня ў Белавежскай пушчы.

Мірскі замак. Пабудаваны ў пачатку XVI стагодзьдзя, спалучае ў сабе рысы готыкі, барока й рэнэсансу. Цяпер у замку месьцяцца музэй і гатэль, які прымае турыстаў.

Мірскі замак.

Палацава-паркавы комплекс у Нясьвіжы. Пабудаваны ў XVI стагодзьдзі, ён спалучае ў сабе рысы розных архітэктурных стыляў. Рэзыдэнцыя роду Радзівілаў – аднаго з наймагутнейшых і найуплывовейшых у Эўропе. У палацы месьцяцца музэй і гатэль, што прымае турыстаў. Разам з палацам і паркамі, у комплекс уваходзяць Касьцёл Божага Цела – першы ўзор барока на тэрыторыі цэнтральнай і ўсходняй Эўропы, будынак гарадзкой ратушы – воргана гарадзкога самакіраваньня, і Слуцкая брама – частка сістэмы гарадзкой абароны.

Палацава-паркавы комплекс у Нясьвіжы.

Геадэзічная дуга Струвэ – помнік навукі і тэхнікі XIX стагодзьдзя. Гэта найбуйнейшы геадэзічны прыбор у сьвеце з 265 пунктаў у 10 эўрапейскіх краінах. Найбольшая колькасць пунктаў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

Экатурызм. Беларусь мае вялікі патэнцыял экатурызму. У краіне чатыры нацыянальныя паркі і два запаведнікі. На поўдні Беларусі ёсць унікальныя балоты, вядомыя як “лёгкія Эўропы”. Беларусь адметная мноствам рэк і азёраў, а таксама старажытных лясоў, што дае шырокія магчымасьцямі для назіраньня за птушкамі й дзікімі жывёламі.

Сельскі турызм. У Беларусі гэты від турызму добра разьвіты. Больш за дзве тысячы сельскагаспадарчых аб’ектаў прымаюць турыстаў, прапаноўваючы магчымасьць атрымаць асалоду ад спакою сельскага жыцьця, адпачынку на сьвежым паветры, падрыхтоўкі й дэгустацыі традыцыйных беларускіх страў, а таксама кантакту з сельскагаспадарчымі жывёламі.

Аздараўленчы турызм. Высокая якасць медыцынскіх паслуг і іх адносна нізкі кошт у параўнаньні з іншымі краінамі Эўропы робяць папулярным медыцынскі турызм у Беларусі. Аздараўленчы турызм таксама карыстаецца папулярнасьцю – у краіне існуе вялікая сетка спецыялізаваных санаторыяў, якія выкарыстоўваюць мінеральныя воды, лячэбныя гразі й прапануюць розныя фізыятэрапеўтычныя працэдуры.

Экалогія

Найбуйнейшы запаведнік у Беларусі – Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік, які займае плошчу 2162 км², забруджаную радыяцыяй, з абмежаваным доступам для наведваньня. Гэта адзіны запаведнік такога тыпу ў сьвеце.

Пасля выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў суседняй Украіне Беларусь атрымала 70% радыяцыйнага забруджваньня, пятая частка сельскагаспадарчых зямель была страчана, што зрабіла краіну найбольш пацярпелай ад катастрофы.

Нобэлеўская ляўрэатка, беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч напісала пра наступствы катастрофы ў сваёй кнізе “Чарнобыльская малітва” (1998).

Нягледзячы на тое, што Беларусь найбольш пацярпеля ад Чарнобылю, дыктатар адкрыў у беларускім горадзе Астраўцы ў лістападзе 2020 года новую, Беларускую атамную электрастанцыю, спраектаваную й фінансаваную Расеяй.

Навіны пра Беларусь на розных мовах:  Voice of Belarus.

Навіны беларускай дыяспары: Supolka; Siabry.