Супольнасьць «Беларусы замежжа»

Беларусы Замежжа – гэта супольнасьць грамадзянаў Беларусі й людзей беларускага паходжаньня, якія пастаянна ці часова жывуць за межамі Беларусі.

Гісторыя Супольнасьці пачалася летам 2020 года, калі шмат якія беларусы за мяжой пачалі цікавіцца падзеямі ў Беларусі. Для таго, каб абараніць свой голас на выбарах, неймаверная каманда з больш чым 300 чалавек з 23 краін, правяла 4 — 9 жніўня экзыт-полы ў 27 гарадох сьвету. Пасьля падліку галасоў была арганізаваная медыя-кампанія, каб паказаць, што на большасьці выбарчых участкаў за мяжой пераканаўчую перамогу здабыла Сьвятлана Ціханоўская, набраўшы ў сярэднім 86% і што шмат якія камісіі, якія складаюцца зь беларускіх дыпляматаў, выбары сфальсыфікавалі.

Падзеі, што адбыліся ў Беларусі пасьля дня выбараў — цынічныя фальсыфікацыі, а потым беспрэцэдэнтная жорсткасьць, якую ўжыў рэжым Лукашэнкі да мірных пратэстоўцаў — падштурхнулі да стварэньня супольнасьці «Беларусы замежжа». 

Мэта «Беларусаў замежжа» — аднаўленьне і разьвіцьцё інстытутаў грамадзянскай супольнасьці й дэмакратыі ў Беларусі. 

У падмурку Супольнасьці ляжыць разуменьне таго, што ўсе беларусы, якія жывуць за мяжой, хочуць нешта зрабіць для сваіх родных і знаёмых, і наагул для сваёй Радзімы на валянтэрскай аснове. Галоўны рэсурс Супольнасьці – гэта праца і кваліфікацыя праектных мэнэджэраў, юрыстаў, праграмістаў, аналітыкаў, аўдытараў, дызайнэраў і прадстаўнікоў шмат якіх іншых важных прафэсій, гатовых аддаваць свой час для дасягненьня агульнай мэты. 

«Беларусы Замежжа» кансалідуюць працу дыяспары па ўсім сьвеце. У праектах Супольнасьці бяруць удзел каля 600 чалавек з 50 краін, што дазваляе праводзіць скаардынаваныя акцыі падтрымкі, дапамагаць уцекачам і пацярпелым ад рэпрэсій беларусам, інфармаваць сусьветную грамадзкасьць пра сытуацыю ў краіне й бараніць інтарэсы дэмакратычнай Беларусі на міжнароднай арэне. 

Самы маштабны праект, рэалізаваны Супольнасьцю за гэтыя месяцы – Сусьветны кангрэс беларусаў, які прайшоў 31 кастрычніка — 1 лістапада ў фармаце анлайн-канфэрэнцыі й зьяднаў усе дэмакратычныя сілы як у краіне, гэтак і за яе межамі. Для дасягненьня галоўнай мэты Кангрэса — распрацоўкі рэформаў для будучай Беларусі — створана 37 працоўных груп па розных кірунках ад эканомікі й інавацыяў, да адукацыі й мастацтва. 

«Нашая задача — фармаваньне вольнай прасторы для кансалідацыі беларусаў ва ўсім сьвеце, — падкрэсьліў у інтэрвію БелаПАН адзін з сакратароў Супольнасьці Арцём Лядоўскі. — Мы добра арганізаваныя, маем велізарныя рэсурсы і выдатна разумеем, да якой мэты рухаемся».