Прэзыдэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі

9 жніўня 2020 года ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, вынікі якіх не былі прызнаныя ні беларускім народам, ні большасьцю краінаў сьвету, у тым ліку краінамі ЭЗ, ЗША, Канадай, Вялікабрытаніяй.

Сутыкнуўшыся зь мірнымі дэманстрацыямі супраць фальсыфікацый, улады ўчынілі беспрэцэдэнтны гвалт: супраць дэманстрантаў былі ўжытыя вадамёты, сьветлашумавыя гранаты, гумовыя кулі. Жорстка затрыманыя больш за 30 000 чалавек, у дачыненьні да якіх мелі месца больш за 1400 даведзеных выпадкаў жорсткага абыходжаньня, катаваньня, гвалту. Мінімум 7 чалавек загінулі. Улады адмаўляюцца расьсьледаваць выпадкі жорсткага абыходжаньня – супраць прадстаўнікоў сілавых структураў не заведзена ніводнай крымінальнай справы.

Беларускі народ фактычна апынуўся ў закладніках у нелегітымнага прэзыдэнта і яго сілавікоў. Праваахоўная ды судовая сыстэмы больш не дзейнічаюць: людзей арыштоўваюць, зьбіваюць, выкрадаюць, прымусова дэпартуюць з краіны, катуюць, штрафуюць, звальняюць; да затрыманых не дапускаюць адвакатаў, судовыя паседжаньні праходзяць праз Skype, сьведкі абвінавачваньня хаваюць свой твар і прадстаўляюцца выдуманымі імёнамі. Журналісты міжнародных СМІ пазбаўленыя акрэдытацыі ды дэпартаваныя з краіны, беларускіх журналістаў затрымліваюць, у краіне блякуюць сайты дэмакратычных арганізацыяў і СМІ, адключаюць Інтэрнэт.

Масавыя пратэсты, стачкі, акцыі салідарнасьці ў Беларусі працягваюцца з 9 жніўня да сёньняшняга дня. Акцыі салідарнасьці праходзяць па ўсім сьвеце, беларусы замежжа падтрымліваюць патрабаваньні дэманстрантаў: спыніць гвалт, расьсьледаваць выпадкі гвалту і катаваньняў, вызваліць палітвязьняў, правесьці новыя выбары пад назіраньнем АБСЭ.

Чаму выбары не былі ні сумленнымі, ні справядлівымі?

Выбары суправаджаліся сур’ёзнымі парушэньнямі Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і міжнародных нормаў на ўсіх этапах:

• галоўных канкурэнтаў дзейнага прэзыдэнта адмаўляліся рэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты, арыштоўвалі, змушалі зьехаць з краіны (Бабарыка і Ціханоўскі да гэтага часу знаходзяцца ў вязьніцы на падставе сфабрыкаваных абвінавачваньняў);

• незалежным сябрам не было дазволена ўвайсьці ў склад выбарчых камісій (з больш чым 6000 чалавек, якія падалі заяўкі, у камісіі былі ўключаныя толькі 7);

• незалежных назіральнікаў не пускалі на выбарчыя ўчасткі, і яны былі вымушаныя назіраць за выбарамі знадворку;

• АБСЭ не была своечасова запрошаная Беларусьсю да назіраньня за выбарамі;

• лічбы, датычныя яўкі падчас датэрміновага галасаваньня, былі сфальсыфікаваныя (каля 40 адсоткаў паводле афіцыйных дадзеных супраць 12 адсоткаў паводле дадзеных незалежнага назіраньня);

• шматлікія фальсыфікацыі адбываліся падчас падліку галасоў, у выніковыя пратаколы часта заносіліся лічбы, якіх патрабавала выканаўчая ўлада. Парушэньні зафіксаваныя на звыш 30 адсоткаў усіх участкаў;

• дадзеныя апублікаваных пратаколаў (каля 60 адсоткаў за Лукашэнку) разыходзяцца з вынікамі, абвешчанымі ЦВК (80,3 адсоткі);

• пратаколы на шматлікіх выбарчых участках не былі апублікаваныя, а бюлетэні былі зьнішчаныя ў першыя дні пасьля выбараў.

Згодна з вынікамі незалежных сацыялягічных апытаньняў і зьвесткамі, сабранымі назіральнікамі на ўчастках і плятформамі альтэрнатыўнага падліку галасоў, а таксама згодна з пратаколамі «сумленных» выбарчых участкаў, Аляксандр Лукашэнка набраў не болей за 20 адсоткаў галасоў, у той час як за Сьвятлану Ціханоўскую прагаласавала ад 56 да 95 адсоткаў выбаршчыкаў.

Падрабязную справаздачу пра фальсыфікацыі падрыхтавалі незалежныя плятформы «Голас», «Зубр» і «Сумленныя людзі». Яны прыйшлі да наступных высноваў:

На падставе атрыманых і апрацаваных афіцыйных участковых пратаколаў і фатаграфій бюлетэняў можна сьцвярджаць, што:

1) выбары з’яўляюцца несапраўднымі, бо фальсыфікацыі былі выяўленыя на кожным трэцім выбарчым участку;

2) вынікі, абвешчаныя ЦВК, значна разыходзяцца з афіцыйнымі дадзенымі ўчастковых пратаколаў;

3) Аляксандр Лукашэнка ня можа лічыцца легітымным прэзыдэнтам Беларусі;

4) вялікая колькасьць галасоў, аддадзеных за Сьвятлану Ціханоўскую, была скрадзеная ўчастковымі камісіямі.

Падрабязная справаздача па-ангельску: https://belarus2020.org/